ВА́ЦЛАЎ З ШАМО́ТУЛ
(Wacław z Szamotuł),
Шаматульчык, Шаматульскі (Szamotulczyk, Szamotulski; 1533 ці 1534, г. Шаматулы, Польшча — 1567 ці 1568), польскі кампазітар, паэт. Прадстаўнік польскага муз. Адраджэння, майстар поліфанічнага стылю а капэла. З 1555 на Беларусі, працаваў у кн. Радзівіла Чорнага. Аўтар літургічных твораў, у т. л. імшы, матэтаў, шматгалосых рэфармац. песень пераважна на лац. і польск. тэксты. Найб. вылучаюцца матэты, адметныя гуманіст. зместам, шырокім выкарыстаннем імітацыйнай тэхнікі, сувяззю з нац. нар. песеннасцю. Многія яго творы змешчаны ў пратэстанцкім канцыянале «Песні хвал боскіх», выд. у Брэсце Я.Зарэмбам (1558).
т. 4, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)